Капейка рубель беражэ

Капейка рубель беражэ

Такога гаспадарскага падыходу прытрымліваецца ў сваёй рабоце дырэктар Шчучынскага РУП ЖКГ А.В. Шкіндзераў

Па выніках 2017 года Шчучынскае РУП ЖКГ другі раз запар становіцца лідарам вобласці па выкананні заданняў Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе». Да таго ж прадпрыемства другі год запар атрымлівае пераходны Ганаровы сцяг ад Шчучынскага райвыканкама за найлепшыя вынікі работы. За высокімі паказчыкамі і дасягненнямі – штодзённая руплівая праца калектыву і дырэктара РУП ЖКГ А.В. Шкіндзерава. Хто ён, сучасны кіраўнік?

Праца пачынаецца з любові да роднага горада

Андрэй Валер’евіч Шкіндзераў – не толькі крэатыўны сучасны кіраўнік, які ідзе ў нагу з часам, але і нераўнадушны чалавек. Ён перакананы, што любая праца павінна пачынацца з любові да роднага горада, можа таму, што сам нарадзіўся і вырас тут, прыкіпеў душой да невялічкага ўтульнага Шчучына. Не без яго ўдзелу ў нас адкрылася пляцоўка для пляжнага футбола, а ў хуткім часе з’явіцца яшчэ і пляцоўка для валейбола, скейт-пляцоўка і многае іншае.

Пасля заканчэння Навагрудскага эканамічнага каледжа малады эканаміст вярнуўся працаваць на Шчучыншчыну. Першыя працоўныя крокі рабіў у аграгарадку Васілішкі – працаваў таваразнаўцам. Затым Андрэй Валер’евіч кардынальна змяніў род сваёй дзейнасці. З дзяцінства яго вабілі турыстычныя вандроўкі, горы. Ён нават з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па турысцка-прыкладному шматбор’ю. Можа таму і асвоіў новую спецыяльнасць – прамысловы альпініст. Аднак праз два гады Андрэю Валер’евічу давялося пакараць зусім іншыя вышыні: 2002 годам датуецца старт яго працоўнай дзейнасці ў Шчучынскім РУП ЖКГ. Пачынаў кар’ерную лесвіцу са звычайнага абходчыка водаканала. Затым быў інжынерам па ахове працы і тэхнічнай бяспецы, спецыялістам па ідэалагічнай рабоце, начальнікам адзела ЖКГ Шчучынскага райвыканкама, намеснікам дырэктара РУП ЖКГ і з 2017 года – дырэктарам.

 Мой суразмоўца жартуе, што яго калегам цяжка з ім працаваць, бо ён на ўласным вопыце праверыў, як арганізавана работа на кожным участку прадпрыемства і дакладна ведае, колькі часу трэба затраціць на выкананне таго ці іншага задання.

На чым можна сэканоміць?

 – Агульная канцэпцыя развіцця нашага прадпрыемства была прынята тры гады таму і ўзгоднена з раённым кіраўніцтвам, – расказвае А.В. Шкіндзераў. – Прыемна, што старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік заўсёды падтрымлівае нашы задумкі і дапамагае ў іх ажыццяўленні не толькі словам, але і справай. Стратэгія складаецца з выканання мерапрыемстваў па зніжэнні выдаткаў, планавай замене тэхналагічнага абсталявання, пастаянным інвестыраванні ў асноўны капітал. За 2017 год РУП ЖКГ атрымала чысты прыбытак – 538 тысяч рублёў, пагасіўшы пры гэтым 500 тысяч рублёў крэдытаў. Зараз расце аб’ём інвестыцый у асноўныя сродкі. У 2017 годзе ён склаў 2 млн. 415 тыс. рублёў, затраты на аказанне паслуг зніжаны на 1 млн. 80 тысяч пры плане 861 тысяча рублёў.

Згадзіцеся, не кожнае РУП ЖКГ можа пахваліцца сваімі ўласнымі цэхам шынамантажу, аўтамыйкай, будаўнічым магазінам, лініяй сартавання камунальных адходаў, брыгадай альпіністаў. Гэта далёка не адзіны прыклад таго, як прадпрыемства можа эканоміць сродкі.

– Штогод мы заказваем да 80 разнастайных праектаў, – працягвае тэму эканоміі А.В Шкіндзераў. – Кошт праектных работ немалы. Каб пазбегнуць затрат, некалькі гадоў таму ў будынку былога камбіната бытавога абслугоўвання адкрылі ўласны аддзел праектна-вышукальных работ, якім атрыманы атэстаты адпаведнасці генеральнага праекціроўшчыка, распрацоўкі раздзелаў праектнай, прадпраектнай і горадабудаўнічай дакументацыі.

Такім чынам, ЖКГ не проста перастала звяртацца за дапамогай да іншых арганізацый, але і стала атрымліваць ад дзейнасці праектнага бюро дадатковы прыбытак. У 2017 годзе ён склаў 30 тысяч рублёў.

Яшчэ адзін прыклад эканоміі – цеплазабеспячэнне. Наяўнасць уласнага драбільнага комплексу і тэхнікі па нарыхтоўцы дроў (ужо задзейнічаны два лесавозы і дзве трактарныя каляскі, а хутка ў лізінг будзе набыты трэці лесавоз) дазволіла займацца вывазам драўніны самастойна і здрабняць яе непасрэдна на складах, нарыхтоўваючы шчэпкі. У мінулым годзе быў набыты і другі драбільны комплекс, таму зараз увесь аб’ём дроў работнікі ЖКГ перапрацоўваюць самастойна. Эканомія ад гэтага ў 2017 годзе склала 185 тысяч рублёў.

Да таго ж РУП ЖКГ займаецца мадэрнізацыяй цеплавых пунктаў, добраўпарадкаваннем тэрыторый, заменай лямпачак на энергазберагаючыя і многім іншым.

Кожнаму сантэхніку – смартфон

Кожны дзень мы сутыкаемся з працай ЖКГ, часам даводзіцца сустракацца і са спецыялістамі гэтай арганізацыі. Згадзіцеся, ад таго, як выглядае работнік ЖКГ, ці прафесійна выконвае сваю работу, залежыць імідж прадпрыемства ў цэлым. Дырэктар гэта добра ведае, таму вырашыў запусціць праграмны комплекс, які дазволіць значна палепшыць якасць працы па заяўках насельніцтва.

 – Для сантэхнікаў і хаус-майстроў набыты смартфоны з навігацыяй, – гаворыць А.В. Шкіндзераў. – Калі спецыяліст выходзіць на аб’ект, майстар ведае, колькі ён там прабыў і што зрабіў. Сам сантэхнік можа даслаць фота аб выкананні заяўкі. Для работнікаў таксама закуплены спецвопратка і сумкі, экіпіраваныя поўным наборам ключоў і камплектуючых. Дарэчы, хутка на прадпрыемстве адкрыецца цэх па пашыве адзення для персаналу, што таксама знізіць затраты.

Прадпрыемства багата людзьмі

Галоўным дасягненнем любой арганізацыі былі і застаюцца людзі. Зараз у РУП ЖКГ працуе 637 чалавек. Кожны стараецца добрасумленна выконваць свае абавязкі. Шчучынцы ездзяць на выставы і семінары за мяжу, каб пераняць вопыт калег і прыўнесці ў наш горад усё лепшае.

Планаў у кіраўніка прадпрыемства шмат. Шчучын чакаюць добрыя змены: працягваюцца будаўнічыя работы на вуліцах Маладзёжнай і Заводскай, хутка з’явіцца тратуарная дарожка на вуліцах Ціміразева і Авіятараў. І гэта далёка не поўны пералік планаў РУП ЖКГ. Галоўнае, каб гараджане цанілі тое, што маюць, і разумелі, што ад кожнага з нас залежыць, якім наш горад будзе заўтра.

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.